Малочная жывёлагадоўля застаецца “стратэгічнай” галіной для сельскай гаспадаркі рэспублікі. На Бераставіччыне важкі ўклад у агульную справу ўносяць як сучасныя малочнатаварныя комплексы, так і раней пабудаваныя фермы.
У РУСП “Масаляны” на ферме “Вёска Масаляны” працуе 11 чалавек, а даенне вядзецца на малакаправодзе. Тут 183 дойных каровы. Тэрыторыя жывёлагадоўчага аб’екта ахайная і дагледжаная. Кармавая база ў гэтай гаспадарцы надзейная, кароў добра кормяць і даглядаюць, таму і аддача ёсць. За люты надой на карову на гэтай ферме павялічыўся на паўтара кілаграмы і дасягнуў амаль 22 з паловай кілаграмаў.
Такіх вынікаў жывёлаводы дабіваюцца дзякуючы нераўнадушным адносінам да сваёй справы, шчырай спагадлівасці да жывёлы разам са збалансаваным кармленнем, доглядам і належным ветэрынарным абслугоўваннем.
Жывёлавод Дзмітрый Мінкоўскі прыезджы, але масалянская зямля даўно ўжо яму стала роднай. Сям’і далі жыллё. Мужчына добрасумленна даглядае жывёлу, сочыць і за парадкам на тэрыторыі. Ён падсцілае рагуль, наглядае за кармавымі сталамі, каб кожная малочная карміцелька ўдосталь наелася, каб ёй было зручна есці. Карова ж шмат часу праводзіць на нагах, таму працаўнікам трэба быць уважлівымі, своечасова заўважаць, напрыклад, ці не кульгае. А Дзмітрый таксама прымае і расцёлы, выпойвае нованароджаным цялятам малодзіва. Кожнае цялятка ў першую гадзіну пасля нараджэння атрымлівае немалую порцыю гэтага цудоўнага “эліксіру жыцця”. Так пачынае ўмацоўвацца імунная сістэма. Калі цялят добра глядзелі, яны потым менш хварэюць, растуць дужымі. А каб праверыць, ці выпойвалі цялятам малодзіва, у іх бярэцца кроў на імунаглабуліны. З гэтым тут усё добра. А значыць, генетычнаму патэнцыялу будучых карміцелек дадзены ўдалы старт.
Н.Наддэ