Переключение языков

Кнопка для слабовидящих

Аператар машыннага даення – пасада адказная

У РУСП “Масаляны” назапашаны выдатны вопыт вядзення малочнай жывёлагадоўлі. Тут добра наладжана селекцыйная работа, годна раскрываецца генетычны патэнцыял буйной рагатай жывёлы. Безумоўна, як і паўсюдна, няпроста працаваць у сённяшніх эканамічных умовах, але людзі стараюцца. А як жа залежаць заробкі аператараў машыннага даення ад “валу” і якасці сыравіны?

33

         — Чым больш аператары надояць малака, тым вышэйшыя будуць іх заробкі, — гаворыць эканаміст гаспадаркі Наталля Жураўская. – Залежыць зарплата і ад якасці атрыманай сыравіны. За малако гатунку “экстра” плаціцца на 40 працэнтаў больш, чым за малако вышэйшага гатунку. Так што стымул старацца ёсць. І дадаткова за “экстру” даецца яшчэ даплата. Аператары машыннага даення ў нас атрымліваюць у сярэднім па 900-950 рублёў.

         Мне давялося пагутарыць з аператарамі малочнатаварнага комплексу Таццянай Печка і Таццянай Земляной (на здымку).

         — У жывёлагадоўлі я ўжо 14 год, — адзначыла Таццяна Печка. – Раней працавала на старой ферме. Кароў даілі на малакаправодзе. Безумоўна, было значна цяжэй. А зараз новыя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне.

         — Але самае лепшае абсталяванне не дапаможа, калі чалавек трапіцца безадказны, — гавару. – У аператараў машыннага даення ёсць свае стандарты — “залатыя правілы”?

         — Так, — згаджаецца Таццяна. – Наша праца патрабуе адказнасці. “Залатыя правілы” даення захоўваць проста неабходна. Тут не можаш сабе дазволіць раздумваць, патрабаванні неабходна выконваць.

         Пільнае вока адказнага і сумленнага чалавека адразу заўважыць, калі што не так. Ужо па знешнім выглядзе, па паводзінах можна адрозніць здаровую жывёлу ад хворай. А першыя пырскі малака сцэ­дж­ваюцца ў спецыяльныя кубкі. Калі малако неаднароднае, у рагулі можа быць каварнае захворванне — мастыт. Ад такога захворвання кароўкі вельмі пакутуюць. Таму лепшы спосаб – гэта прафілактыка, а значыць, добры догляд за жывёлай і чысціня.

         А напарніца Таццяны, яе цёзка Таццяна Земляная – родам з Украіны, з “гарачай кропкі” – Данецкай вобласці, працавала раней на шахце. На масалянскай зямлі яна ўжо два гады. Сям’ю забяспечылі жыллём.

         — Як Вам у нас падабаецца? – цікаўлюся.

         — Падабаецца! – адказвае жанчына.

         – Дапамаглі Вам тут?

         — Так, усім дапамаглі, шчыры дзякуй, — усміхаецца жанчына.

         Мірная праца і мірнае жыццё – вялікая каштоўнасць. Калі адчуваеш задавальненне ад сваёй працы, а дома цябе чакаюць блізкія людзі – гэта і ёсць простае чалавечае шчасце.

        
Ніна Наддэ, фота аўтара

© 2016 - 2017 РАЙОННОЕ УНИТАРНОЕ СЕЛЬСКОХОЗЯЙСТВЕННОЕ ПРЕДПРИЯТИЕ «МАCСОЛЯНЫ»