Переключение языков

Кнопка для слабовидящих

Галоўны энергетык Сяргей Анохін

Галоўны энергетык і інжынер механізацыі жывёлагадоўчых ферм РУСП “Масаляны” Сяргей Анохін – ураджэнец Мінскай вобласці.

 

 

Галоўны энергетык Сяргей Анох  н

 

Гэтая вобласць, як і наша, вылучаецца ў рэспубліцы поспехамі ў сельскай гаспадарцы. Там добра развіваецца раслінаводства і жывёлагадоўля. А агракамбінаты Міншчыны вядомыя нават за мяжой. Напрыклад, агракамбінат “Сноў” вядомы высокай ураджайнасцю збожжавых – звыш 82 цэнтнераў з гектара і высокімі надоямі. Ужо ў 2005 годзе там мелі 7 з паловай тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Высакаякасная прадукцыя знаходзіць кароткі шлях да прылаўка і нязменна карыстаецца трывалым попытам – агракамбінат вызначаецца выдатным менеджментам. На Міншчыне добрыя традыцыі ў аграрным сектары і перспектыва. Таму не выклікае здзіўлення, што юнак са Старых Дарог Сяргей Анохін паступіў менавіта ў сельгасінстытут, звязаў свой лёс з аграрнай вытворчасцю. А на Бераставіччыне застаўся таму, што жонка яго з гэтых месцаў, ды і гаспадаркі тут моцныя. Спачатку працаваў спецыяліст у СВК імя Варанецкага, затым з 1992 года — у РУСП “Масаляны”. Сяргей Уладзіміравіч узначальваў малочнатаварную ферму, і сённяшнія поспехі ў малочнай галіне – гэта заканамерны вынік работы па рэалізацыі генетычнага патэнцыялу буйной рагатай жывёлы і сучаснай стратэгіі па яе догляду і кармленні. Усё, што робіць гэты спецыяліст, ён робіць адказна і з душой, а РУСП “Масаляны” наогул вылучаецца на Бераставіччыне эфектыўным развіццём. Нават апошні абласны семінар па жывёлагадоўлі не абмінуў гэтую перспектыўную гаспадарку, тут можна многаму павучыцца. Добрая кармавая база, своечасовая мадэрнізацыя малочнай галіны і моцны “чалавечы фактар” даюць свой плён.

А галоўным энергетыкам гаспа­даркі Сяргей Анохін працуе ўжо чатыры гады. Гэтая работа таксама не менш важная, а, магчыма, мае і нават большае значэнне ў зладжаным ланцужку сельскагаспадарчых работ.

- Наша задача – забяспечваць бесперабойны працэс, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч.

У яго брыгадзе два электрыкі, два электрагазазваршчыкі, слесар і іншыя. Калектыў дружны і зладжаны, усе разумеюць сваю адказнасць. У сельскай гаспадарцы на вытворчых аб’ектах збоі недапушчальныя, за абсталяваннем трэба добра сачыць і старанна абслугоўваць, каб яно не падводзіла. Цяжка нават уявіць, што будзе, калі спыніцца работа зернесушыльнага комплексу ў напружаную гарачую пару або даенне кароў пры такіх значных аб’ёмах вытворчасці. Тры сезоны ўжо эксплуатаваўся ў РУСП “Масаляны” сучасны зернеачышчальна-сушыльны комплекс КЗСВ-40 “ЛідАрай”. Гэта высокатэхналагічнае абсталяванне выпускаецца ў Беларусі з 2005 года сумесна з польскай фірмай. Прапускае комплекс 30-40 тон зерня ў гадзіну. Работа яго вельмі якасная, гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. Па гэтым выдатным комплексе, а таксама па малочнатаварным з новымі тэхналогіямі можна меркаваць, што ў РУСП “Масаляны” ідуць у нагу з часам, клапоцяцца пра мадэрнізацыю і аптымізацыю вытворчасці.

У 1992 годзе спецыялісту ў РУСП “Масаляны” далі дом, у сям’і дастойныя жыллёвыя ўмовы. Сяргей Уладзіміравіч з жонкай – сапраўдныя вяскоўцы і гаспадары, раней нават трымалі дзвюх кароў. Бульбу садзяць абавязкова, як мясцовым жыхарам без “другога хлеба”? Хаця і ёсць зараз меркаванне сярод людзей, што танней бульбу купіць, чым пасадзіць самому, потым вырошчваць з апрацоўкамі супраць фітафторы і каларадскага жука, Сяргей Уладзіміравіч лічыць, што смачнейшай, чым вырашчаная сваімі рукамі, няма.

- А ў Старых Дарогах, – гаворыць спецыяліст, — мяне ўжо мала хто і ведае.

Ён прыязджае туды да мамы. Час ідзе, ранейшыя многія жыхары гэтага раённага цэнтра выбралі сабе іншыя мясціны, з’явілася шмат маладых людзей, незнаёмых. Так і ўсюды, нават былыя аднакласнікі сустракаюцца нячаста… А што жыве Сяргей Уладзіміравіч на Бераставіччыне, ён гэтым задаволены. Добрая сям’я, утульны дом з дагледжаным прысядзібным участкам, работа па душы – што яшчэ трэба для шчасця? У сучасных аграгарадках жыццё наладжанае, ёсць нават важкія перавагі перад горадам – маляўнічая прырода, чыстае паветра, натуральная агародніна са свайго кавалка зямлі. Сапраўдны вясковец мой субяседнік. Ёсць у яго маральнае задавальненне ад свайго лёсу і належна выкананай работы, ёсць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, бо нездарма кажуць, што “заўтра – гэта добра арганізаванае сёння”.

Ніна Наддэ, фота аўтара

© 2016 - 2017 РАЙОННОЕ УНИТАРНОЕ СЕЛЬСКОХОЗЯЙСТВЕННОЕ ПРЕДПРИЯТИЕ «МАCСОЛЯНЫ»