Восень шчодра надзяляе людзей сваімі цудоўнымі дарамі. Кукуруза, бульба і салодкія карані служаць адметнай своеасаблівай адзнакай другога месяца гэтай урадлівай пары года. Харчовая скарбонка папаўняецца дзень за днём.
Цукровыя буракі нашы гаспадаркі не могуць здаваць усе адразу, бо перапрацоўчае прадпрыемства не справіцца з вялікім наплывам “салодкага скарбу”. Распрацаваны графік дакладна рэгламентуе здачу, а тым часам цукрыстасць караняплодаў дасягнула базіснай. Зараз яны сапраўды саспелі.
У РУСП “Масаляны” трэба ўбраць 200 гектараў салодкай сыравіны, засталася яшчэ прыкладна палова. Усяго здаць тут трэба 12000 тон цукровых буракоў. Вельмі радуе тое, што ўраджай у гэтым годзе вышэйшы, чым у мінулым. Калі ў мінулым годзе ў гэтай моцнай гаспадарцы збіралі ў сярэднім па 481 цэнтнеру з гектара, дык у гэтым збіраюць па 697. Гэта добры паказчык, пастараліся і земляробы, і надвор’е выдалася спрыяльным для гэтай даволі “капрызнай” культуры. Буракі спаўна нацягнулі соку і пажыўных рэчываў з глебы. Адыгралі сваю кардынальную ролю і эфектыўныя сучасныя тэхналогіі, планамернае павышэнне культуры земляробства.
Калісьці гэтая запатрабаваная сельгаскультура вельмі нялёгка “давалася” калгаснікам. Людзі старэйшага ўзросту памятаюць, як цяжка было буракі палоць, а праполак за лета праводзілася тры. Вочы баяліся, а рукі рабілі! І добра, калі жаданы праліўны дожджык рабіў цвёрдую зямлю вільготнай і мяккай, а калі панавала спёка, палоць буракі было вельмі “праблематычна”. Уручную салодкія карані і церабілі, і грузілі.
Зараз жа цяжкую ручную працу змяніла добрая магутная вытворчая тэхніка і “разумная хімія”. Сучасныя прэпараты праполюць шырокае поле яшчэ лепш за самых руплівых і дасціпных людзей, а на работу ўвішнай тэхнікі з умелым механізатарам за штурвалам можна залюбавацца. На прасторнай бураковай плантацыі РУСП “Масаляны” ужо 4 гады выкарыстоўваецца мабільны пагрузчык “Міні-Маус” вядомай нямецкай фірмы “Брэтмайстар”. Калісьці прама на бураковым полі мне давялося пагутарыць з рэдкім і адметным заходнім госцем, па-сапраўднаму таленавітым чалавекам – канструктарам, інжынерам і ўладальнікам уласнай вытворчасці Брэтмайстарам. Ён дэманстраваў, як працуе універсальны пагрузчык, як з ім трэба абыходзіцца, даглядаць. Гэта была сапраўдная наглядная прэзентацыя цудоўнай вытворчай тэхнікі. І сам паспяховы камерсант, і шчаслівыя пакупнікі з РУСП “Масаляны” былі вельмі задаволеныя. А зараз механізатар Войцех Пляўга расказаў, што гэты інжынер прыязджаў яшчэ, калі дзейнічала гарантыя на тэхніку, рэгуляваў яе, спраўляў невялікія непаладкі. Пагрузчык працуе добра, “як гадзіннік”.
А на маё пытанне, ці не расчараваўся трактарыст за столькі гадоў у сваёй неардынарнай прафесіі, бо ёсць у ёй свае відавочныя кантрасты, яскравыя “плюсы і мінусы”, Войцех адказаў так:
- Не, не расчараваўся. Асабіста я сваёй прафесіяй задаволены. Яшчэ непаўналетнім хлопцам прыйшоў калісьці працаваць памочнікам камбайнера ў час уборкі збожжавых. Так сябе адчуваў у той сонечны дзень, столькі было шчырай радасці ў душы, быццам крылы за спіной у мяне выраслі!
- А праехаць па полі старшы камбайнер Вам даў?
- Вядома, даў! Ён жа адчуваў маю патаемную прагу, па сабе яе ведаў. Кожны кіроўца нясе яе глыбока ў сабе. Так я сябе тады адчуваў – о…!
Шчырая непасрэдная шырокая ўсмешка ілюстравала словы вопытнага і ўмелага механізатара.
Такая прыхаваная ціхая радасць і зараз жыве ў сэрцы сціплага чалавека, які ад душы любіць тэхніку, жыве ёю. Працоўнае месца ў кабіне – гэта яго, яму за штурвалам камфортна. А грузіць зараз за змену Войцех цэлую гару буракоў. Бурты роўныя, прыгожыя, быццам складзеныя пад лінейку, адразу відаць, што добрыя гаспадары ў нас на Бераставіччыне. Караняплоды адзін у адзін, як на падбор. А Войцех хаця і прыезджы, але з гэтай удзячнай масалянскай зямлёй зрадніўся, любіць яе.
Вельмі прыемна мне было і даведацца, што род гэтага непрыкметнага і працавітага чалавека квітнее. І сапраўды, іншага трапнага слова не знойдзеш, бо ў Войцеха чацвёра дзяцей. Тры сыны і прыгожая дачка – гэта сапраўднае шчасце, яскравае адметнае багацце. Род з кожным пакаленнем будзе разрастацца, і ўсведамленне, што менавіта ты даў яму пачатак, гэта ўсё ж дарагая і бясцэнная ўзнагарода. Колькі разоў было так, што дарослыя сыны і дочкі нізка кланяюцца ў пояс сваім састарэлым бацькам, якія нарадзілі іх, выхоўвалі на ўласным прыкладзе, вывелі ў людзі. Вяскоўцы многаму могуць нас навучыць, ад зямлі іх сіла і жыццясцвярджальны характар.
Ніна Наддэ,
фота аўтара