Переключение языков

Кнопка для слабовидящих

Жаночы твар аграрнай вытворчасці

     Самыя шчырыя і добрыя словы хочацца сказаць у адрас усіх жанчын-сяльчанак, якія сваёй руплівай працай умацоўваюць дабрабыт гаспадарак Бераставіччыны, з’яўляюцца выдатнымі гаспадынямі і мамамі, падтрымліваюць цёплы агеньчык дамашняга ачага, клапоцяцца пра свае сем’і. На ўсё ў іх хапае душэўнай шчодрасці і цеплыні. Абаяльныя і прывабныя, яны паказваюць нам прыклад пазітыўных адносін да жыцця і немалой сілы волі. Няхай кожнай з іх спадарожнічаюць светлае каханне, моцнае здароўе, выдатны настрой, удача, дабрабыт і новыя здабыткі! Будзьце заўсёды прыгожымі і каханымі, дарагія сяльчанкі, шчасця вам!

 

         Больш за тры дзясяткі гадоў таму прыехала ў нашы маляўнічыя мясціны з Гомельшчыны Вольга Гурчанка са сваім мужам-аграномам. Сям’і далі дом на зямлі, і “дабра ад дабра” людзі больш не шукалі. Брыгадзір жывёлагадоўчай фермы “Цэнтр Масаляны” пачынала тут некалі аператарам машыннага даення, тады тут утрымлівалася 340 кароў. Даілі іх на малакаправодзе, і было шмат нялёгкай ручной працы па доглядзе жывёлы. Зараз на аб’екце зроблена мадэрнізацыя. Ферма набыла новы выгляд. Калектыў тут дружны, людзі падтрымліваюць адзін аднаго.

         Жывёлавод Ганна Болзан занята на гэтай ферме на дарошчванні маладняку. Жанчына вельмі стараецца. Яна прыехала ў гэтую моцную гаспадарку з мужам з неперспектыўнай вёскі з Ашмяншчыны, выбарам месца жыхарства задаволена. Давялося тады па прыездзе жанчыне папрацаваць і ў дзіцячым садзе памочнікам повара, затым у агародніцтве ў гаспадарцы. Было вельмі нялёгка. Ганна любіць жывёлу, на ферме “знайшла сябе”, таму ўкладвае душу ў сваю справу, а гэта самае галоўнае.

         Аператары машыннага даення Маргарыта Салыга, Таццяна Пячко і Таццяна Земляная, жывёлаводы Антаніна Белянінік і Святлана Адашчык працуюць на новым малочнатаварным комплексе. У полі зроку гэтых старанных жанчын нарошчванне выпуску прадукцыі і павышэнне якасці малака. Захоўванне санітарыі, добры догляд за карміцелькамі даюць магчымасць дынамічна развіваць малочную жывёлагадоўлю. Усе аператары машыннага даення стараюцца, выконваюць тэхналагічныя патрабаванні. “Залатыя правілы” даярак даюць магчымасць атрымліваць высакаякаснае малако.

         Жывёлавод Антаніна Белянінік выклікае да сябе шчырую павагу сваёй працавітасцю. З гарадскога пасёлка Бераставіца яна пераехала ў аграгарадок Масаляны, дзе ёй з трыма дочкамі далі дом на зямлі. Хатняя гаспадарка дапамагае сям’і ўмацаваць свой дабрабыт. Спачатку Тоня была цялятніцай і аператарам машыннага даення, а з 2014 года працуе жывёлаводам. Яна прыводзіць кароў на дойку, падсоўвае ім бліжэй кармы, каб жывёла добра наелася і давала многа малака, чысціць секцыі. У жывёлавода Святланы Адашчык такія ж абавязкі. Яна таксама вельмі стараецца.

 

Вольга Гурчанка і Ганна Болзан новый размер Маргарыта Салыга Таццяна Пячко Святлана Адашчык Антаніна Белянінік і Таццяна Земляная новый размер

         

© 2016 - 2017 РАЙОННОЕ УНИТАРНОЕ СЕЛЬСКОХОЗЯЙСТВЕННОЕ ПРЕДПРИЯТИЕ «МАCСОЛЯНЫ»