Переключение языков

Кнопка для слабовидящих

Чалавек, нераўнадушны да сваёй зямлі

     Нядаўна давялося мне пагутарыць з цікавым чалавекам, ветэранам працы ў аграпрамысловым сектары і старастам аграгарадка Масаляны Анатолем Якаўлевічам Семенюком.

 

 

Заняты ён быў у той дзень як раз падрыхтоўкай свята на Дзень інвалідаў, але “выкраіў” некаторы час для размовы. Чалавек не толькі цікава расказаў мне пра сябе, але і вобразна намаляваў карціну, якой бы ён хацеў бачыць масалянскую зямлю.

 

Семенюк новый размер

         Анатоль Якаўлевіч – гараджанін, нарадзіўся і вырас у Ваўкавыску, але свой лёс звязаў з сельскай гаспадаркай. Як і многія юнакі, любіў тэхніку, таму пасля школы выбраў для сябе “кузню кадраў” для вёскі – Жыровіцкі тэхнікум. Пасля таго, як вывучыўся на механіка, працаваў у калгасе імя Варанецкага галоўным інжынерам, потым на такой жа пасадзе ў саўгасе “Бераставіцкі” і дырэктарам гэтай гаспадаркі. Ён цікава расказаў, які тады быў час. Імпартнай тэхнікі раней наогул не было, а айчынная не была такая энерганасычаная і эфектыўная, як зараз. З той пары механізацыя сельскай гаспадаркі значна пайшла наперад, паўсюдна шмат зроблена. Змянілі свой выгляд майстэрні, пасля цяжкай работы на жніве, напрыклад, стомленыя людзі могуць прыняць душ, а рабочую вопратку не трэба насіць дамоў, бо ў гаспадарках паклапаціліся пра ўстаноўку пральных машын. Значна меншая колькасць трактароў зараз апрацоўвае больш зямлі, павысілася эфектыўнасць працы. Камбайны таксама сталі больш магутныя, хутчэй спраўляюцца з уборкай у гарачы час, калі нельга страчваць ні дня. Усё гэта вельмі радуе, таму што спрадвечны хлеб і “да хлеба” на стале людзей па-ранейшаму застаецца галоўнай задачай нашых аграрыяў.

         Работа ў аграпрамысловым сектары ніколі не была лёгкай, тут шмат уплыву аказваюць надвор’е, а таксама і няпростае імклівае сучаснае “жыццё ў рынкавых умовах”. Напрыклад, запчасткі часта даражэюць значна хутчэй, чым гэта бывае са збожжам, малаком… Таму трэба быць вельмі добрымі гаспадарамі, каб не толькі “выжываць”, а і рухацца наперад, быць упэўненымі ў заўтрашнім дні.

         На заслужаным адпачынку былы аграрый вядзе актыўны лад жыцця. У абавязкі старасты ўваходзяць дапамога мясцовым уладам, зносіны з людзьмі. Вельмі цікавіць гэтага нераўнадушнага чалавека актуальная для ўсіх нас праблема навядзення парадку на зямлі.

         - Не заўсёды ў нас атрымлі­ваецца, каб быў парадак, — адзначае мой субяседнік. – Калі іду і бачу бутэльку, абгортку ад марожанага ці цукеркі, ведаю, што не сталы чалавек гэта зрабіў! Таму вельмі хацелася б, каб у сем’ях бацькі змалку вучылі дзяцей паводзіць сябе прыстойна, вучылі іх ахайнасці і шчырай любові да роднай зямлі, яе прыгажосці і чысціні. Паглядзіце, якія ў нас прыгожыя маляўнічыя мясціны, а возера – сапраўдная “жамчужына”. Можна было б і агратурызм развіваць, каб знайшліся сродкі на яго добраўпарадкаванне.

         Я згодна з маім субяседнікам. Возера сапраўды прыгожае, ім можна палюбавацца ў любое надвор’е, над ім любоўна схіляе сваю галаву чарот, краявіды прывабліваюць вока. Магчыма, знайшоўся б інвестар для зоны адпачынку? Не так даўно ў навінах па тэлебачанні можна было пачуць, што багаты іншаземец, зачараваны прыгажосцю, купіў у нашай краіне занядбаны палац і згадзіўся яго рэстаўраваць. Прыйшлася б у маляўнічых мясцінах вельмі да месца і аграсядзіба, калі б нехта гэтым зацікавіўся, уклаў бы душу ў перспектыўны запатрабаваны экалагічны праект.

         А пакуль што і сапраўды, як добра было б жыць па прынцыпу “Хочаш змяніць свет, пачні з сябе”, і хочацца дадаць, са свае сям’і. Зусім няцяжка ў кожнай сям’і вучыць дзяцей добраму – не забруджваць наваколле паперкамі, смеццем, цаніць прыгажосць. І хаця на масалянскай зямлі і так дастаткова чыста, але парадак трэба берагчы, пастаянна падтрымліваць. Здараецца, і “лыжка дзёгцю” можа сапсаваць цэлую бочку мёду. Таму менавіта сям’і па праву належыць галоўнае месца ў выхаванні дзяцей.

         - Адзначу, што ў добраўпа­радкаванні ў нашых мясцінах вялікі ўклад належыць РУСП “Масаляны”, — гаворыць стараста. – Прыбіраюцца старыя дрэвы, кустоўе. У нас было б добра надаць таксама ўвагу пакрыцці вуліцы Юбілейнай, каб аграгарадок стаў яшчэ прыгажэйшым. А яшчэ ёсць у мяне запаветная мара – каб адкрылася трэнажорная зала ў нашым населеным пункце, хацелася б, каб быў і банкамат. У нас жа аграгарадок, жыццё павінна быць рознабаковым і сучасным.

         А ў трэнажорную залу людзі пай­шлі б, і добра было б аб’яднаць іх па інтарэсах, і выдатна было б, каб нехта з імі прафесійна займаўся. Прагулак на вольным паветры, лічу, недастаткова, хаця сам іх рэгулярна практыкую, а таксама некаторыя нашы вяскоўцы.

         Безумоўна, у наш няпросты час усё “ўпіраецца ў сродкі”. Але нераўнадушныя людзі ва ўсе часы спрыялі прыходу новага, карыснага. Гутарка са старастам пакінула ў мяне самае лепшае ўражанне. А шырокую прастору для будучых пажаданых перамен мы, ва ўсякім разе, з Анатолем Якаўлевічам вызначылі…

         Ніна Наддэ,
фота аўтара
Семенюк новый размер

© 2016 - 2017 РАЙОННОЕ УНИТАРНОЕ СЕЛЬСКОХОЗЯЙСТВЕННОЕ ПРЕДПРИЯТИЕ «МАCСОЛЯНЫ»