Раённы этап рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла — 2018» прайшоў 28 ліпеня ў аграгарадку Пархімаўцы.
Хто сказаў, што на сяле застаюцца толькі старэйшыя людзі, а ўсе маладыя ўцякаюць у горад? На самай справе і ў вёсках шмат маладых сямей, якія працуюць на сельгаспрадпрыемствах, расцяць дзяцей, знаходзяць час для творчасці, вядуць асабістую гаспадарку і сваімі рукамі робяць прыгожымі і ўтульнымі свае дамы і прысядзібныя участкі. Менавіта ў гэтым змаглі ўпэўніцца ўсе, хто наведаў у мінулую суботу аграгарадок Пархімаўцы і прысутнічаў на раённым конкурсе «Уладар сяла — 2018».
Арганізатары праекта, а імі выступілі раённы камітэт ГА “БРСМ”, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, падрыхтавалі не проста конкурсную праграму, а сапраўднае свята як для ўдзельнікаў праекту, так і для усіх жыхароў і гасцей аграгарадка.
Дарэчы, паглядзець на тых, хто змагаўся за званне сучасных уладароў сяла, у парку аграгарадка, нягледзячы на даволі спякотнае надвор’е, сабралася шмат людзей. Тут жа перад пачаткам конкурснай праграмы сем’і-ўдзельнікі разгарнулі выставы творчых работ і любімых сямейных страў, якімі яны потым з задаваленнем частавалі журы і гледачоў.
А прыехала для ўдзелу ў праекце “Уладар сяла – 2018” пяць лепшых маладых сямей нашага раёна. За ганаровае званне быць лепшай сельскай сям’ёй Бераставіччыны змагаліся сем’і Грышчанкаў з Вялікіх Эйсмантаў, Казакоў з Пархімаўцаў, Карповічаў з Лішкаў, Бірук з Масалян і Кулікоўскіх з Алекшыцаў.
У конкурсе “Давайце пазнаёмімся” удзельнікі прадстаўлялі візітныя карткі сваіх сем’яў, у творчай форме расказвалі пра сябе і свае захапленні, даказалі журы і гледачам, што іх сем’і дружныя, актыўныя і сапраўды творчыя.
Першай выступала сям’я Бірук з аг. Масаляны. У сям’і Аляксандра і Валянціны трое дзетак, тата працуе электрагазазваршчыкам у РУСП “Масаляны”, а мама — прыбіральшчыцай у Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе. Разам з бацькамі на сцэну выйшлі і іх дочкі Дар’я і Ірына, а малодшы сын Дзмітрый, якому яшчэ не споўнілася тры гады, пакуль што свае здольнасці не паказваў.
У наступным конкурсе “Дрывасек” муж і жонка на час распілоўвалі бервяно, муж рубаў дровы, а жонка складала акуратныя паляніцы.
Затым яны паказалі, як ладзяць са свойскай жывёлай, прадэманстравалі ўменне распрагаць і запрагаць каня.
У сельскай спартыўнай эстафеце да бацькоў ужо далучылі дзеці, і яны разам змагаліся за званне самых спартыўных.
А затым яшчэ таты мелі магчымасць паказаць, што яны майстры на ўсе рукі і вырубаць з дапамогай сякеры дошку-стальніцу.
Акрамя таго, журы ацэньвала і відэаролік, які сем’і спецыяльна падрыхтавалі, каб паказаць усю прыгажосць свайго сельскага падворка.
Падводзячы вынікі раённага конкурсу “Уладар сяла – 2018”, першы сакратар райкама БРСМ Ірына Вайцюк выказала надзею, што ўсе яго ўдзельнікі атрымалі вялікі зарад станоўчых эмоцый, а маладыя сем’і сталі яшчэ больш з’яднанымі.
Ірына Міхайлаўна ўручыла Падзячныя пісьмы і памятныя падарункі ад райкама БРСМ за ўдзел у конкурсе сем’ям Кулікоўскіх з аг. Алекшыцы і Бірук з аг. Масаляны, а таксама Граматы і падарункі за трэцяе і другое месца сям’ям Грышчанка з аг. Вялікія Эйсманты і Казак з аг.Пархімаўцы адпаведна.