Пра электрагазазваршчыка Аляксандра Бірука вельмі станоўча выказаўся намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце гэтай гаспадаркі Уладзімір Вайцюк. І сапраўды, пагутарыць з маладым аграрыям і мнагадзетным бацькам было вельмі цікава.
Лёс яго не зусім звычайны, і тое, як стварае яго Аляксандр сваімі рукамі, зусім не заўважаючы гэтага, можа служыць добрым прыкладам для многіх юнакоў і дзяўчат.
Нарадзіўся непрыкметны герой нашай сённяшняй публікацыі на Слонімшчыне. У звычайнай вясковай сям’і было пяцёра дзяцей, Саша малодшы. Розніца паміж ім і старэйшымі сястрой і братамі была значная. Калі хлопчыку споўнілася пяць гадоў, памерла яго мама. Саша застаўся адзін з бацькам. Але той быў сапраўдны гаспадар, трымаў кароў, быкоў, авечак, садзіў бульбу, агарод. Хлопчык з самых малых гадоў прывык дапамагаць яму, стараўся ўсё зрабіць, як мага лепш. Бацька вучыў яго найлепшым у свеце метадам – на ўласным прыкладзе, таму і вырас хлопец па-сялянску працавітым. Да таго ж бацька любіў і гатаваць, пачаставаць сына смачнымі стравамі. Нават дранікаў ён умеў такіх напячы, што пальчыкі абліжаш. Калі перад хлопцам паўстаў выбар прафесіі, Саша доўга не задумваўся, захацеў стаць поварам, бо таксама і сам навучыўся ўжо добра гатаваць. Але ў школу да іх прыехалі выкладчыкі і майстры вытворчага навучання з прафесійна-тэхнічнага вучылішча з Дзятлаўскага раёна. Туды можна было паступаць і на повара, і на вадзіцеля, і на электрагазазваршчыка. Педагогі вельмі красамоўна расказалі пра розныя прафесіі, іх прэстыж, і Саша змяніў свой намер, захацеў стаць электрагазазваршчыкам, бо хлопцу гэта больш падыходзіць, вырашыў ён тады. У выбары сваім Аляксандр не расчараваўся, лічыць яго ўдалым, і гэта вельмі важна для паспяховай рэалізацыі патэнцыялу.
У час вучобы ў вучылішчы важнай была тэорыя зварачнай справы, адзначае мой субяседнік. Зразумець, як пад умелымі рукамі майстра з “магічным” інструментам ствараецца сапраўдны цуд – зварваецца метал, як робіцца ён на імгненне мяккім, пластычным і паслухмяным, як пластылін, у думках раскласці дзівосны працэс на яго састаўныя часткі – прааналізаваць, усвядоміць, як гэта працуе, займала дапытлівых вучняў. Акцэнт рабіўся і на правілах бяспекі, парушаць якія нельга. Вядома, не ўсе юнакі ў вучылішчы аднолькава стараліся вучыцца, авалодваць ведамі, але той, хто стараўся, стаў потым добрым работнікам. Практыка была яшчэ больш цікавай. Навучэнцам паказалі, як працуе адмысловае абсталяванне, дазволілі паспрабаваць зварваць метал самім. Навыкі ў авалоданні зварачнай справай у іх выпрацоўваліся паступова, крок за крокам.
- Работа гэтая тонкая, можна сказаць, ювелірная, — адзначае Аляксандр. – Спачатку былі цяжкасці, зараз я ўсё магу, выконваю розныя віды работ. Найбольш працаёмкай усё ж застаецца зварка водаправодных труб.
Тады, пасля заканчэння прафтэхвучылішча, малады электразагазваршчык працаваў спачатку ў Свіслацкім раёне, куды паехаў да свайго старэйшага брата, затым у СВК “Макараўцы”. Але па-сапраўднаму знайшоў сябе Аляксандр у РУСП “Масаляны”. Яму тут падабаецца.
Умелы электрагазазваршчык заслужыў добрую рэпутацыю ў гаспадарцы. Ён выконвае ўсё, што яму даручаць, якасна. Аляксандр абслугоўвае фермы, выконвае заяўкі, выпраўляе розныя непаладкі. І стараецца ўсё зрабіць своечасова, без затрымак, каб вытворчасць працавала, як гадзіннік. РУСП “Масаляны” вылучаецца на Гродзеншчыне стабільнай работай, добрым развіццём раслінаводства і жывёлагадоўлі, сюды прыязджаюць аграрыі з іншых гаспадарак па перадавы вопыт.
- Ці цяжка Вам працаваць? – цікаўлюся ў Аляксандра.
- Нічога складанага ў маёй рабоце няма, — запэўнівае ён, і сумнявацца не прыходзіцца, што майстар гэты — адмысловы. – Але пры зварцы заўсёды трэба быць засяроджаным, расслабляцца нельга. Нават калі робіш нешта лёгкае, неабходна быць пільным і вельмі дасціпным.
Безумоўна, адказнасць – адна з важных якасцей добрага спецыяліста.
Аляксандру з жонкай далі ў РУСП “Масаляны” камфортнае жыллё – дом на зямлі. Тут падрастаюць дзве дачушкі і маленькі сынок, звініць дзіцячы смех. Сям’я трымае хатнюю гаспадарку, як гэта і належыць добрым вяскоўцам. А ўвесь вольны час Аляксандр аддае дзецям – перадае ім сваю ўдалую эстафету працавітасці, упэўненасці, таленавітага ўмення цвёрда стаяць на зямлі.
Ніна Наддэ,
фота аўтара