Переключение языков

Кнопка для слабовидящих

«Уладар сяла», канцэрты, забавы і атракцыёны — на Бераставіччыне прайшла “Пархімаўская весялуха”

На працягу ўжо некалькіх апошніх гадоў візітнай карткай аграгарадка Пархімаўцы з’яўляецца свята народнага майстэрства, вясковай абраднасці і добрасуседства “Пархімаўская весялуха”, якое за гэты час палюбілася не толькі мясцовым жыхарам, але і шматлікім гасцям аграгарадка.

 

Вось і ў чарговы раз,  у суботу, 15 чэрвеня,  “Пархімаўская весялуха” запрасіла сяброў на свята, каб разам адпачыць і дакрануцца да вытокаў народных традыцый.  

 

Шчыра прывітаў  усіх на пархімаўскай зямлі дырэктар мясцовай гаспадаркі Міхаіл Груздзеў, і гэта не выпадкова, бо менавіта КСУП “Пархімаўцы” з’яўляецца арганізатарам  свята, і яго намаганнямі яно заўсёды прыходзіць шырока і цікава як для дарослых, так і для дзяцей.

 

Адкрыла мерапрыемства канцэртная праграма, якая стала сапраўдным падарункам аматарам беларускай музыкі.  Артысты парадавалі ўсіх цудоўнымі творамі, што абуджалі цікавасць гледачоў да песеннай і музычнай культуры беларусаў. Асалоду і задавальненне ад беларускай песні атрымаў, несумненна, кожны прысутны.

 

Затым стартаваў раённы этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла -2024”, у  якім за званне лепшай сельскай сям’і  Бераставіччыны   змагаліся пяць актыўных і творчых сем’яў нашага раёна. У прыватнасці, РСУП “Алекшыцы” прадстаўляла сям’я Івана і Ганны Носка, 

 

КСУП “Пагранічны-Агра”  — сям’я Івана і Таццяны Карповічаў,

 

СУП “МілкАгра” – сям’я Дзмітрыя і Таццяны Вербель,

 

РУСП “Масаляны” – сям’я Дзмітрыя і Марыны Бонтур,

КСУП “Пархімаўцы” – сям’я Арцёма і Святланы Варабей.

Перад пачаткам конкурснай праграмы сем’і-ўдзельнікі разгарнулі выставы творчых работ і сямейных дасягненняў, дзе дэманстравалі свае  творчыя здольнасці, захапленні і любімыя сямейныя стравы, якімі яны потым з задаваленнем частавалі журы і гледачоў.

У конкурсе “Давайце пазнаёмімся” ўдзельнікі прадстаўлялі візітныя  карткі сваіх сем’яў, у творчай форме расказвалі пра сябе і свае захапленні.   Яны яскрава даказалі, што і на вёсцы можна не толькі жыць і працаваць, але і творча развівацца.

Пасля прадстаўлення візітных карткаў сем’і  ўдзельнічалі ў конкурсе «Дрывасек», дзе муж і жонка  распілоўвалі бервяно, муж рубаў дровы, а жонка складала акуратныя паляніцы, і зрабіць гэта трэба было максімальна хутка.

Весела і з азартам прайшла  “Сельская спартыўная эстафета”: кожная сям’я прадэманстравала цудоўную спартыўную форму.

Затым канкурсанты паказалі, што яны ўмеюць ладзіць і са свойскай жывёлай, хутка распраглі і запраглі каня ў конкурсе “Сіўка-бурка”.

Завяршыў выпрабаванні конкурс “Майстар”, падчас якога таты мелі магчымасць паказаць, што яны майстры на ўсе рукі,  вырубаючы  з дапамогай сякеры дошку-стальніцу.

Падводзячы вынікі конкурсу, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шчука падзякаваў  усім за ўдзел у ім і імкненне да перамогі, адзначыўшы, што ўсе сем’і годна прайшлі выпрабаванні.

Андрэй Іосіфавіч уручыў падзячныя пісьмы і падарункі за ўдзел у конкусе сем’ям Вербель і Бонтур і ўзнагародзіў граматамі пераможцаў і прызёраў.

У прыватнасці, трэцяе месца заваявала сям’я Варабей,  другое – сям’я Носка, а пераможцам раённага этапа рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла-2024» стала сям’я Карповічаў.

Дарэчы, каштоўныя падарункі для прызёраў конкурсу падрыхтавалі  Бераставіцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, а райкам БРСМ набыў падарункі для ўсіх дзяцей.

Пасля завяршэння “Уладара сяла” парк у аграгарадку Пархімаўцы перайшоў у распараджэнне дзяцей – тут пачалася дзіцячая музычна-забаўляльная праграма, працавалі  шматлікія атракцыёны, ішоў святочны гандаль, майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў.

Асаблівае захапленне ў дзяцей выклікала  пенная вечарынка, якая стала для іх цудоўным падарункам на свята.

Вечарам  жыхароў і гасцей Пархімаўцаў чакала яшчэ канцэртная праграма Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, выступленні Аліны Чыжык і кавер-гурта “Фиш Десерт” з Гродна, атракцыён “Бык-Родео” Профи-Райд” і паказальны выступ разведвальнага батальёна 6-й асобнай механізаванай брыгады.

Завяршылася свята танцавальным вечарам і святочным салютам.

Берестовицкая газета

© 2016 - 2017 РАЙОННОЕ УНИТАРНОЕ СЕЛЬСКОХОЗЯЙСТВЕННОЕ ПРЕДПРИЯТИЕ «МАCСОЛЯНЫ»