Переключение языков

Малая радзіма сустрэла гасцінна маладога спецыяліста Марыю Калеснік

      РУСП “Масаляны” – моцная гаспадарка на Бераставіччыне, якая вызначаецца стабільным развіццём і сваімі поспехамі. І земляробству, і жывёлагадоўлі тут надаецца належная ўвага. У гэтую гаспадарку ахвотна ідуць працаваць маладыя.
    Вось і нядаўна мне давялося пагутарыць з маладым бухгалтарам Марыяй Калеснік, якая шчыра задаволена, што вярнулася ў родныя мясціны.

 

малая радзима новый размер

Дзяўчына тут вырасла, закончыла школу, затым паступіла ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт на спецыяльнасць “эканоміка” на бюджэтную форму навучання. У школе ёй падабалася матэматыка, руская і беларуская літаратура. Але матэматыку, на якую была пазней зроблена стаўка пры выбары прафесіі, вучаніца палюбіла далёка не адразу. Прыйшла яна да гэтага паступова, ужо ў старэйшых класах школы. І сапраўды, мы весела пажартавалі з Марыяй пра свае ўласныя ўспаміны, звязаныя з табліцай множання. Відавочна, не толькі мы з ёй не жадалі яе вучыць, але наўрад ці знойдзецца дзе-небудзь вучань, які б ахвотна гэта рабіў. А вось алгебра, дзе можна падключыць лагічнае мысленне і ўяўленне, дзяўчыну паступова стала цікавіць. Калі працуеш старанна і сістэматычна, веды назапашваюцца, ствараюць сапраўдны багаж. Безумоўна, гэтая навука патрабуе немалога цярпення і засяроджанасці. Таму легкадумнаму вучню, які не стараецца, яна ніколі не адкрые свае чароўныя сакрэты і стройную сістэму. Дакладныя навукі патрабуюць пастаяннай руплівай працы, а вось літаратура для Марыі была як цудоўны адпачынак для душы. Яна з вялікім захапленнем расказала, якім чароўным адкрыццём сталі для яе “Вайна і мір” Льва Талстога і “Майстар і Маргарыта” Міхаіла Булгакава. Назаўсёды запала ў сэрца дзяўчыне і вядомая адметная п’еса класіка айчыннай літаратуры Янкі Купалы “Тутэйшыя”.
      У гады вучобы ў аграрным універсітэце Марыі з усіх дысцыплін найбольш падабалася эканоміка. Яна шчыльна ахоплівае ўсе сферы нашага жыцця. І правільнае планаванне ўласнага бюджэту, нават студэнцкага, і эканамічныя сувязі ў гаспадарцы вельмі важныя, гэта той падмурак, на якім грунтуецца ўсё іншае. Дакладны бухгалтарскі ўлік, фінансавая граматнасць у наш час набываюць усё большае значэнне. Напрыклад, і канкрэтны чалавек, і арганізацыя могуць больш эфектыўна распараджацца сваімі сродкамі, зніжаць выдаткі. Каб быць паспяховым, трэба і добра ўмець лічыць, і ўмець якасна планаваць, і прадбачыць вынікі. Нездарма зараз у полі зроку любога дбайнага гаспадара – пастаяннае павышэнне эканамічнай эфектыўнасці.
У маладога спецыяліста ў РУСП “Масаляны” шмат добрых настаўнікаў, якія рады яго падтрымаць. Бухгалтарская работа ў сельгасарганізацыі патрабуе ўважлівасці, пільнасці, адказнасці. Марыя стараецца, таму і настрой у яе бадзёры і прыемны. Свой хлеб, матэрыяльная незалежнасць ад бацькоў – мара кожнага нядаўняга студэнта, і дзяўчына рада, што яна ў яе збылася.
Прайсці па вуліцах роднага аграгарадка ўжо самастойным чалавекам, спецыялістам сельгаспрадпрыемства з дыпломам аб вышэйшай прэстыжнай адукацыі – значыць вельмі шмат. Вяскоўцы – людзі сардэчныя і шчырыя, раздзяляюць радасць нядаўняй студэнткі.
Пра людзей у РУСП “Масаляны” клапоцяцца, вока радуе тут камфортнае жыллё, дзе жывуць маладыя сем’і. Хто застаецца ў гэтай гаспадарцы рабіць, іншага месца шукаць не пажадае.
А трывалы агульны дабрабыт ўмацоўваецца ўкладам кожнага працаўніка. І маладая змена тут – таксама вельмі важнае звяно, да таго ж крэатыўнае, энергічнае, з сучаснымі ведамі і аптымізмам.
Ніна Наддэ,
фота аўтара

© 2016 - 2017 РАЙОННОЕ УНИТАРНОЕ СЕЛЬСКОХОЗЯЙСТВЕННОЕ ПРЕДПРИЯТИЕ «МАCСОЛЯНЫ»