Переключение языков

Кнопка для слабовидящих

Клопат пра новы ўраджай

Бадай, няма ў свеце работы цяжэй за сялянскую! Так было спрадвеку, так застаецца і зараз, нягледзячы на ўсё новыя здабыткі прагрэсу. Хіба толькі зімой нашы кармільцы-аграрыі могуць трохі адпачыць. А восенню пра гэта яны яшчэ толькі мараць.

 

Ужо 30 жніўня на Бераставіччыне адкрыўся чарговы “бураковы” сезон, а салодкія карані пачалі ўбіраць першымі ў раёне працаўнікі СВК імя Варанецкага, “Алекшыцы”, а з 31 жніўня падключыліся да ўборкі і ў РУСП “Масаляны”. Першыя некалькі дзён запатрабаваную салодкую сыравіну прымалі без абмежавання на Бераставіцкім буракапрыёмным пункце. Зараз буракі ўжо прымаюцца па квотах. Капаюць у раёне і бульбу. У РУСП “Масаляны” яна сёлета размяшчаецца на 20 гектарах. Гэта вядомы высокаўраджайны айчынны гатунак Скарб, які добра зарэкамендаваў сябе ў нашых кліматычных умовах і радуе гаспадынь сваім выдатным смакам.

 

Клопат пра новы ўраджай

А на полі мне давялося паглядзець, як вопытны руплівы сейбіт з дапамогай разумнай тэхнікі беражліва закладвае падрыхтаванае насенне ў глебу. Азімы рапс у РУСП “Масаляны” пасеялі, зараз сеюць азімыя пшаніцу Багатка і трыцікале Жыцень. Пад іх адвялі 440 і 187 гектараў адпаведна. Зямля добра падрыхтавана, яе ўзбагацілі калійнымі і фосфарнымі ўгнаеннямі. Механізатар Дзмітрый Данільчык за змену на працягу амаль 12-ці гадзін засейвае па 25-30 гектараў. Стамляецца за гэты час сейбіт, вядома. Яго чырвоны рухавы трактар МТЗ-3022 з сеялкай відаць здалёк. Беларуская тэхніка эфектыўная, ўдасканаленая, радуе вока сваім сучасным прыгожым выглядам, а роўныя парасткі азімых потым наглядна ўсім пакажуць, што Дзмітрый – адмысловы майстар сваёй няпростай справы. Начальнік вытворчага ўчастка Віктар Хахлоў шчыра пахваліў механізатара і расказаў, што такога выдатнага сейбіта вельмі паважаюць у калектыве. Сейбіт, як і жнец, павінен любіць родную зямлю і свой занятак, які дае хлеб надзённы яму і яго сям’і, тады лягчэй спраўляцца з такой манатоннай работай. І гук, і вібрацыя на працягу цэлай змены стамляюць любога трактарыста, нават маладога, але не здраджваюць сваёй прафесіі тыя, каму сялянскія карані, усведамленне адказнасці і самадастатковасць прыдаюць сілы.

“Чалавечы фактар” у РУСП “Масаляны” адметны, людзі тут стараюцца, таму і вылучаецца сельгаспрадпрыемства стабільнай работай і поспехамі ў развіцці. А Дзмітрый не толькі працаваць, але і адпачываць умее – захапляецца спортам, ловам рыбы, удзельнічае ў грамадскім жыцці гаспадаркі. Усё, што робіць, робіць ён з душой, з добрай усмешкай, са шчырай аддачай, бо інакш і не ўмее.

Павышэнне культуры земляробства, захаванне сучасных тэхналогій, стаўка на перспектыўныя гатункі збожжавых даюць упэўненасць, што і далей РУСП “Масаляны” будзе адным з флагманаў аграрнай вытворчасці на Бераставіччыне. Да новага ўраджаю застаецца яшчэ нямала часу, але хочацца спадзявацца, што ён спаўна апраўдае чаканні нашых земляробаў.

Ніна Наддэ,
фота аўтара

© 2016 - 2017 РАЙОННОЕ УНИТАРНОЕ СЕЛЬСКОХОЗЯЙСТВЕННОЕ ПРЕДПРИЯТИЕ «МАCСОЛЯНЫ»